ПЕРСАНА́ЛЬНАЯ ЭВМ, персанальны камп’ютэр,
малагабарытная мікраЭВМ індывідуальнага карыстання. Дае карыстальніку магчымасць працаваць у дыялогавым рэжыме. Адрозніваюць прафесійныя і бытавыя П. ЭВМ.
Прафесійныя П.ЭВМ па функцыянальных магчымасцях і матэм. забеспячэнні ідэнтычныя ЭВМ агульнага прызначэння сярэдняй прадукцыйнасці, маюць знешнюю памяць вял. ёмістасці, каляровыя графічныя прылады высокай раздзяляльнасці, сродкі для работы з камп’ютэрнымі сеткамі, у т. л. Інтэрнетам, і інш. Пераважна выкарыстоўваюцца як аўтаматызаваныя рабочыя месцы. Бытавыя П.ЭВМ арыентаваны на распрацоўку і рашэнне задач карыстальнікамі без спец. (прафесійнай) падрыхтоўкі ў галіне выліч. тэхнікі і праграмавання. Іх матэм. забеспячэнне мае сродкі навучання, у т. л. саманавучання. карыстальніка. Выкарыстоўваюцца для кіравання быт. тэхнікай, самастойнага навучання і работы, гульняў і інш.
Літ.:
Мячев А.А. Персональные ЭВМ: краткий энцикл. справ. М., 1992.
М.П.Савік.
т. 12, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)